Падарожжа на Палессе 2021
У сярэдзіне жніўня я адправіўся ў захапляльнае падарожжа на ровары па палескім рэгіёне Беларусі. Наперадзе мяне чакалі мноства цікавых і прыгожых мясцін, добрае надвор'е і розныя прыгоды. Я хацеў падзяліцца сваімі ўражаннямі і зрабіў невялікую калекцыю фота, каб перадаць атмасферу падарожжа. Я спадзяюся мае назіранні і фотаздымкі будуць для вас натхненнем адправіцца ў сваё незабыўнае падарожжа і самому атрымаць асалоду ад прыгажосці гэтага дзіўнага рэгіёна.
Першы дзень
Не ўпершыню мне даводзіцца пачынаць свае падарожжы на чыгунцы. На працягу васьмі гадзін і некалькіх перасадак я дабіраўся электрычкай з Мінска да Брэста. Пасля прыбыцця на брэсцкі вакзал я быў рады добраму сонечнаму надвор'ю. Не марнуючы часу, я адкрыў карту і вырашыў праехацца праз цэнтр горада, каб крыху пазнаёміцца з мясцовымі славутасцямі. А затым адправіўся па запланаваным маршруце.
Нарэшце я выехаў з шумнага горада і рушыў на поўдзень. На аўтобусным прыпынку я зрабіў перапынак на абед, пасля чаго звярнуў з галоўнай дарогі і накіраваўся да біясфернага запаведніка "Прыбужскае Палессе".
Праязджаючы праз вёскі, я заўважыў адсутнасць даступных крыніц вады. Не было калонак ці калодзежаў у вольным доступе, найболш распаўсюджаных у іншых раёнах краіны. Таму я звярнуўся да мясцовага жыхара і папрасіў вады.
З кожным кіламетрам майго шляху я пакідаў пазаду больш густанаселеныя і ўрбанізаваныя тэрыторыі. Дарогі станавіліся ўсё горш, але тым не менш, пейзажы вакол мяне набывалі непаўторнае аблічча. Маленькія вёсачкі, якія я сустракаў на сваім шляху, меншыя па колькасці жыхароў, але затое незвычайныя і ўнікальныя кожная па-свойму. Усё гэта разам стварала такую атмасферу, якую нельга было знайсці ў блізкасці да вялікага горада.
Час жніва быў у поўным разгары. Усюды панаваў водар свежаскошанай саломы і траў. На палях былі раскіданы цюкі, якія яшчэ больш упрыгожвалі краявіды абапал дарог. На заходзе сонца гэтыя віды выглядалі настолькі зачаравальнымі і маляўнічымі, што не маглі пакінуць мяне абыякавым.
Неўзабаве я выехаў на вузкую грунтавую дарогу, уздоўж якой шчыльна раслі кусты і дрэвы. Набліжаўся вечар і, на шчасце, я загадзя прымеціў месца для начлегу. Цяпер мне не давадзілася турбавацца аб тым, дзе разбіць палатку, я мог спакойна працягнуць свой шлях у намечанае месца.
Праз пару кіламетраў я дабраўся да Дуба Патрыярха - надзвычай уражваючага дрэва ўзростам каля 700 гадоў! Побач з ім я знайшоў ідэальнае месца для адпачынку і разбіўкі намёта. Усё навокал было чароўным дзякуючы светламу і чыстаму лесу.
Другі дзень
Наступіла раніца наступнага дня. Надвор'е было прыемным. Не спяшаючыся я сабраў рэчы і выправіўся ў шлях. Праз пару кіламетраў заехаў у вёску Старое Раматава. Не знайшоўшы тут для сябе нічога цікавага, я паехаў далей. Неўзабаве я перасек аднапутную чыгунку і павярнуў у лес.
Я працягваў свой шлях па прыгожай лясной сцяжынцы, накіроўваючыся да наступнага месца, якое прыцягнула маю ўвагу - Пажэжынскі дуб. Гэты дуб знаходзіцца адносна недалёка ад першага Дуба Патрыярха і таксама варты ўвагі.
Пасля гэтага я адправіўся па лясных сцежках у бок трасы якая вядзе ў горад Маларыту. На гэта мне спатрэбілася куды больш часу, чым я планаваў. Я не ўлічыў, што некаторыя лясныя дарогі былі заваленыя дрэвамі ці проста зараслі кустамі. Таму прыйшлося крыху панервавацца ў пошуках патрэбнага шляху. Урэшце я выехаў на асфальт і неўзабаве дабраўся да горада.
Маларыта - горад, які я запомніў з самага прыемнага боку. Тут выдатныя ўмовы для перамяшчэння на веласіпедзе. Выдзеленыя дарожкі для веласіпедыстаў на дарогах даюць магчымасць лёгка і хутка перамяшчацца па горадзе. Таксама ў маім спісе адкрыццяў аказалася ўтульная вулічная кавярня, якая мела сваю непаўторную атмасферу. Тут я правёў час, атрымліваючы асалоду ад смачнай ежы і хаваючыся ад спёкі.
Пасля добрага адпачынку я накіраваўся ў бок вёскі Ляхаўцы. Калі я даехаў да вёскі, то знайшоў тут прыгожую царкву Раства Багародзіцы 1713 года. Я спыніўся, каб разгледзець яе бліжэй. Тут я папоўніў запасы вады і паехаў далей. Наступныя пару дзясяткаў кіламетраў мяне чакалі не лепшыя дарогі. Гэта былі гравійкі і грунтоўкі, якія пралягалі па палях і малых сёлах. У дадатак гэтая дарога праходзіла ўшчыльную да Украінскай мяжы. Часам я нават бачыў вышкі назірання памежнікаў суседняй краіны.
Праязджючы вёску Барысаўка мяне насцігла навальніца. Я быў вымушаны скавацца на аўтобусным прыпынку. Нашчасце дождж з градам хутка скончыліся і праз паўгадзіны я паехаў.
Мне спатрэбілася нямала часу і сіл, каб пераадолець гэты кавалак дарогі. Бліжэй да вечара я заехаў у вёску Дзівін. Тут знаходзяцца дзве старажытныя драўляныя цэрквы, якія заслугоўваюць увагу - царква святой Параскевы Пятніцы і царква Раства Багародзіцы. Пасля таго як крыху пракаціўся па гэтый вёсачцы, я адправіўся далей. Пры гэтым ужо пачаў пошукі месца для начлегу.
Я хутка прыбыў у сяло Павіцце і знайшоў яшчэ адну выдатную драўляную царкву. Прыгажосць гэтай пабудовы асабліва ўразіла мяне, калі я ўбачыў яе ў промнях заходзячага сонца.
Зірнуўшы на карту, мяне зацікавіла возера Ясянёк непадалёк ад вёскі. Я вырашыў адправіцца туды і не пашкадаваў аб сваім выбары. Перада мной паўстала найпрыгожае возера ідэальна круглай формы з шырокімі пяшчанымі берагамі вакол. Да таго ж на маё шчасце, тут зусім не было людзей. Я атрымаў магчымасць стаць гаспадаром гэтага месца на вечар.
Трэці дзень
Раніцай я не стаў губляць магчымасць і ўстаў з першымі промнямі каб адлюстраваць на фота надзвычай дзіўны ўзыход сонца над возерам. Затым я крыху паспаў, а калі сонца пачало моцна грэць, я пачаў рыхтавацца да ад'езду.
З самай раніцы ў мяне было прадчуванне, што ўдзень будзе горача. Карыстаючыся такім цудоўным надвор’ем, я вырашыў адправіцца ў бок горада Драгічын. Па дарозе, я заўважыў закінуты дом і спыніўся побач з ім, каб сарваць крыху груш і яблыкаў. Дарэчы, у гэты час года такі незапланаваны прыпынак бывае вельмі карысным, бо можна бясплатна сабраць ягады ці садавіну.
Да сярэдзіны дня я дасягнуў горада Драгічын. Тут мне пашчасціла знайсці ўтульную кавярню для адпачынку. У прахалодзе кандыцыянера я змог адпачыць і нацешыцца смачнай ежай.
Пасля прыемнага адпачынку я працягнуў свой шлях па маршруце. Неўзабаве я сутыкнуўся з участкам дарогі, дзе была трылінка. Потым, праязджаючы праз невялікую вёску, я заўважыў некалькі старых хат і спыніўся каб разгледзець іх. Наступным маім пунктам на карце быў горад Іванава.
Калі я прыбыў у Іванава, я зайшоў у краму каб набыць крыху ежы, а затым накіраваўся ў гарадскі парк. Там я праводзіў час у цені дрэў.
Я не затрымаўся ў горадзе надоўга. Наступным прыпынкам на маім шляху была вёска Дубое Пінскага раёна. Падчас паездкі я зноў праязджаў кавалак дарогі з трылінкай, але на гэты раз захаванасць пакрыцця была лепей. Незважаючы на тое, што у Дубоі ёсць шмат славутасцяў, якія абавязкова трэба ўбачыць, я не затрымаўся тут надоўга. Я ўжо некалькі разоў быў у гэтым мястэчку, таму без марнавання часу працягнуў свой шлях. Аднак перад тым, як адправіцца далей, вырашыў папоўніць запасы вады ў крыніцы побач з дарогай.
Пасля пераправы на пароме праз рэчку Піна пачаў шукаць месца для начлегу. Я заўважыў хмары на небе і нават пачуў грымоты. Нарэшце знайшоў добрае месца ў сасновым лесе паблізу ад вёскі Ізін. У прадчуванні навальніцы я прыгатаваў сабе вячэру, а потым лёг спаць.
Чацвёрты дзень
Мне пашчасціла і ноччу не было дажджу. Я хутка сабраў рыштунак і пакінуў лес. Надвор'е было пахмурнае, што надавала асаблівую атмасферу гэтай раніцай. Поўны энтузіязму я дабраўся да Мястковічаў, дзе захапіўся незвычайна прыгожай архітэктурай царквы.
Праз некаторы час я выехаў да трасы на Столін. Тут недалёка знайшоў невялікую краму, дзе зупыніўся каб перакусіць і выпіць кавы. Калі я пачаў рух далей, то стаў назіраць як на небе пачалі з'яўляцца цёмныя хмары. У нейкі момант я зразумеў што мне не атрымаецца абмінуць дажджу. Я прыняў рашэнне схавацца ад навальніцы на аўтобусным прыпынку. На працягу двух гадзін я чакаў пакуль небяспечная стыхія дазволіць мне працягнуць сваё падарожжа.
Пасля дажджу я выехаў на дарогу і накіраваўся ў Столін. Я рухаўся па мокраму асфальце, было халаднавата. Вецер дзьмуў у твар, што зніжала маю сярэднюю хуткасць. Прыкладна ў 6 гадзін вечара я даехаў да горада і засяліўся ў гатэль.
Пасля чатырох дзён у дарозе і начлегах на прыродзе я зразумеў, што мне неабходна трохі адпачыць і аднавіць сілы.
Пяты дзень
Калі я прачнуўся і выглянуў у акно было добрае надвор'е, свяціла сонца. Я адправіўся ў бліжэйшую кавярню, каб купіць ежы на сняданак. У гэты момант у горадзе я ўбачыў групу велатурыстаў, якія праязджалі праз горад.
Пазней, калі ўжо выехаў у дарогу, я дагнаў гэту групу аднадумцаў. Аказалася, што мы накіроўваемся ў адным напрамку на некаторай адлегласці, і вырашылі працягнуць шлях разам. Наступным прыпынкам на нашым маршруце быў горад Давыд-Гарадок.
Мы праязджалі невялікія сёлы і пасёлкі па буйней. На шляху было некалькі цікавых драўляных храмаў. Але ў адзін момант мы сустрэлі дваіх велападарожнікаў з Гародні.
Наша вялікая група спынілася на абед у цені вялікага дрэва ля ракі ў вёсцы Рубель. Адной з самых цікавых славутасцяў тут, на мой погляд, з'яўляецца драўляны пешаходны мост цераз раку Млынаву. Пасля абеду ўсе мы накіраваліся ў Давыд-Гарадок і па дарозе зрабілі кароткі прыпынак у вёсцы Альпень, дзе таксама была прыгожая драўляная царква.
Мы прыбылі ў Давыд Гарадок вельмі хутка і адразу прыступілі да агляду славутасцяў. Акрамя таго, мы зрабілі неабходныя закупкі ў краме - запасліся вадой і ежай, каб быць гатовымі да далейшага падарожжа ў бок Турава.
Па дарозе ў Тураў надвор'е пачало псавацца. На небе пачалі з'яўляцца хмары і мяркуючы па ўсім чакаўся дождж. Але на шчасце нам пашанцавала з ветрам, ён дзьмуў наўпрост у спіну. Гэта дазваляла ехаць вельмі хутка, тым самым уцякаючы ад непагадзі.
Не даязджаючы да горада мае спадарожнікі вырашылі шукаць стаянку на ноч. Далей я паехаў адзін. Праехаўшы горад Тураў я адправіўся далей па вызначанаму маршруце. Часам церусіў дробны дождж, але гэта не перашкодзіла мне даехаць да сяла Азяраны. Там я вырашыў папоўніць свой запас вады і працягнуў шлях праз працяглы ўчастак дарогі акружанай балотамі і лясамі.
Я праехаў яшчэ каля 15 км і пачуў надыходзячыя грымоты. Паколькі на двары пачало цямнець, я вырашыў шукаць месца ў лесе, каб паставіць свой намёт. Неўзабаве, пасля таго як я знайшоў прыдатнае месца ды ўсталяваў палатку, пачаўся дождж. Я быў рады, што паспеў усё зрабіць своечасова.
Шосты дзень
Чароўная раніца ў лесе прымусіла мяне затрымацца і атрымаць асалоду ад незвычайнага відовішча. Сонечныя промні гулялі ў галінах, яшчэ вільготных пасля начнога дажджу. Гэта стварала чароўную атмасферу. У такім асяроддзі я без спешкі сабраў свае рэчы, крыху прасушыў палатку і прыгатаваў сабе сняданак з духмянай кавы. Гэтыя хвіліны спакою і асалоды навакольнай прыродай, зрабілі маю раніцу непаўторнай і запамінальнай.
З добрым настроем, я пакінуў лес. У пошуках новых прыгод я адправіўся ў бок вёскі Тонеж. Не прайшло і гадзіны, як я ўжо знаходзіўся ў цэнтры сяла. Праязджаючы на ровары па вуліцы, мне кінуліся ў вочы дзівосна прыгожыя разныя скамейкі, выстаўленыя на двор перад хатамі. Гэта стварала ўнікальную атмасферу і выдатна падкрэслівала мясцовы каларыт. Таксама, я адчуў веліч духоўнай традыцыі, калі ўбачыў два ўпрыгожаныя прыдарожныя крыжы. Яны з'яўляліся неад'емнай часткай нацыянальных звычаяў гэтага краю.
Працягваючы вандраўку, я апынуўся ў нешматлюдным раёне. Калі я даехаў да вёскі Букча, то зайшоў у мясцовую краму, каб папоўніць запасы. Затым я адправіўся ў сяло Прыбаловічы, дзе быў прыемна здзіўлены прыгажосцю вясковых краявідаў. Але, найбольш уразіў мяне каменны крыж, які стаіць побач з драўлянай царквой. Гэтае месца запомніцца мне надоўга.
Калі я працягнуў свой шлях па дарозе, я не мог не заўважыць, што краявід навокал стаў сумным - усё больш і больш аднастайных дрэў і хмазняку. Я павярнуў з галоўнай дарогі, каб паглядзець на раку Убарць, якая працякала непадалёк. Неверагодная прыгажосць гэтай звілістай рэчкі з яе маляўнічымі берагамі не магла пакінуць мяне абыякавым. Аднак тое, што я ўбачыў на ствалах старых дубоў на беразе ракі, было сапраўдным адкрыццём для мяне. На іх былі замацаваны борці - пчаліныя вуллі, зробленыя са ствалоў дрэў.
Прыехаўшы у сяло Баравое, я выпадкова знайшоў маленькую крынічку на краі вёскі. Я з радасцю набраў свежай вады і нацешыўся яе празрыстай свежасцю ў цені дрэў. Таксама я ўбачыў некалькі борцяў на дрэвах у баку ад вёскі. Гэты від рамяства застаецца да гэтага часу актуальным у мясцовых жыхароў, і гэта не можа не радаваць.
Не жадаючы марнаваць час, я накіраваўся ў бок Лельчыцаў. Сёння я быў нацэлены на тое, каб праехаць большую адлегласць. Я ехаў па маляўнічых вясковых дарогах, атрымліваючы асалоду ад прыемнай атмасферы летняга жнівеньскага вечара. Калі я нарэшце дасягнуў горада, то знайшоў утульны парк. Тут я змог ненадоўга расслабіцца. Адпачыўшы я працягнуў свой шлях у пошуках ідэальнага месца для начлегу.
Калі я пакінуў горад, то праехаў яшчэ 15 кіламетраў, каб знайсці утульнае месца для намёта. Я знайшоў светлы хваёвы лес на краі поля, дзе і ўсталяваў тут свой намёт. Прырода тут была дзіўнай, і я змог атрымаць асалоду ад цішынёй і спакоем у асяроддзі маляўнічых палесскіх краявідаў.
Сёмы дзень
Наступны дзень выдаўся не надта займальным. Я стартаваў раніцай, праязджаючы амаль цэлы дзень праз лясныя масівы. У гэтым раёне было не так шмат населеных пунктаў, і я не знайшоў ніякіх значных цікавостак на сваім шляху.
Пасля працяглай паездкі на ровары, я дабраўся да горада Мазыр. Адразу ж накіраваўся да мясцовай кропкі продажу шаурмы, каб перакусіць пасля ціжкай дарогі. Даведаўшыся аб гарадскім парку на беразе ракі Прыпяць, вырашыў перанесці свой абед туды і атрымаць асалоду ад краявіда на раку Прыпяць падчас ежы.
Затым я вырашыў пад'ехаць на цягніку да горада Рэчыца. Я паглядзеў на расклад і зразумеў што паспяваю на вячэрні дызель цягнік. Мне спатрэбілася ехаць з Мазыра ў суседні горад Калінкавічы. Да маёй радасці ён быў адносна недалёка.
Як толькі я прыбыў на чыгуначны вакзал і набыў квіток на цягнік. Мой погляд нечакана прыцягнула мадэль дызеля, якую я ніколі раней не бачыў. Гэта быў дызельны цягнік ДР1Б-503, якім мне яшчэ не даводзілася ездзіць. Паездка выявілася проста незабыўнай, дзякуючы не толькі новаму вопыту, але і цікавым краявідам якія назіраў праз вакно па дарозе.
Калі я прыбыў у Рэчыцу, на гадзінніку ўжо было дастаткова позна. Я задаў сваім падпісантам у Instagram пытанне аб магчымасці зняць гасцініцу або знайсці начлег у горадзе. Мая сяброўка Паліна хутка адгукнулася і прапанавала дапамогу. Яе цётка дала мне магчымасць спыніцца ў яе пустым доме на ноч. Я вельмі ёй удзячны. Шчыра кажучы, я нават быў гатовы да таго, каб працягваць ехаць на ровары ноччу, і нават ўжо падрыхтаваў неабходнае святло, каб не адчуваць цяжкасцяў у цемры.
Мяне прыемна здзівіла ўтульная старая мураваная хата, куды я заехаў. Вельмі добра, што яшчэ існуюць людзі, якія гатовы дапамагчы падарожнікам.
Восьмы дзень
Я падзякаваў гаспадарам за дабрыню і адправіўся ў дарогу. Крыху пракаціўся па горадзе й уздоўж набярэжнай ракі Дняпро. Гэты горад мне падаўся даволі ўтульным. Я дачакаўся пакуль адкрыюцца кафэ і замовіў каву. А пазней адправіўся па сваім маршруце ў бок горада Светлагорск.
Я абраў маршрут, які не пралягаў праз загружаныя дарогі. Амаль увесь час я ехаў па сельскай мясцовасці, праязджаючы невялікія вёскі. Часам выязджаў на бераг Дняпра, каб палюбавацца ракой. Гэтак жа я ўпершыню ў жыцці ўбачыў як здабываюць нафту. Нягледзячы на тое, што гэта ўсяго толькі звычайная нафтавая вышка, а ўвесь працэс скрыты ад вачэй, мне было цікава.
Прыкладна а 5-й гадзіне вечара я дабраўся да Светлагорска. Я паглядзеў на расклад і зразумеў што магу паспець на цягнік да Мінска. Часу было дастаткова, таму я не спяшаючыся паехаў на вакзал, а па дарозе аглядаў горад у якім дагэтуль не быў.
На вакзале я набыў квіток, а потмы загрузіўся разам з веласіпедам у камфортны хуткасны цягнік. Праз некалькі гадзін я ўжо дабраўся да Менску.
Гэта падарожжа пакінула ў маёй душы мноства ўражанняў, але таксама не абышлося без некаторых выпрабаванняў. Я праехаў амаль ўздоўж усяго беларускага Палесся. Наведаў гарады і вёскі, якія раней мне былі незнаёмыя. Атрымаў асалоду ад унікальнай атмасферы гэтага рэгіёну.
Я проста ў захапленні ад таго, што ў мяне атрымалася здзейсніць сваю задумку! Калі вы яшчэ не былі на Палессі, я настойліва раю вам пабываць там. Вялікі дзякуй за вашу ўвагу!